У Іўі прайшоў семінар аб экалагічным кіраванні ва ўстановах адукацыі

27 лістапада 2018 на базе ДУА «Гімназіі №1 г. Іўя” адбыўся семінар па пытаннях экалагічнага кіравання ва ўстановах адукацыі. Эксперты распавялі настаўнікам Іўеўскага раёна аб рацыянальным выкарыстанні рэсурсаў і энергіі, а таксама аб небяспечных хімічных рэчывах у паўсядзённых таварах.

Выканаўчы дырэктар МГА “Экапартнёрства» Аліна Бушмовіч ў сваім выступе падрабязна спынілася на відах небяспечных хімічных рэчываў, якія могуць утрымлівацца ў таварах і дала рэкамендацыі, як знізіць негатыўны ўплыў.
Паводле яе слоў, у спажывецкіх таварах выкарыстоўваецца велізарная колькасць розных сінтэтычных рэчываў, якія, з аднаго боку, надаюць неабходны пах, колер, эластычнасць, але з другога – могуць прадстаўляць пагрозу для здароўя, так як назапашваюцца ў арганізме. Для ўстаноў адукацыі асабліва важна аддаваць перавагу бяспечным таварам пры закупках, няхай гэта будзе бытавая хімія, цацкі або мэбля.

Спецыяліст па экалагічнай адукацыі МГА «Экапартнёрства» Ірына Ластаўка ў сваёй прэзентацыі зрабіла акцэнт на экалагічнай сертыфікацыі ўстаноў адукацыі «Белы бусел». Створаная сістэма прадугледжвае распрацоўку праграм для фарміравання ў школьнікаў экалагічна дружалюбнага ладу жыцця – устойлівых мадэляў паводзінаў, якія спрыяюць энерга- і рэсурсазберажэнню, беражлівым адносінам да навакольнага асяроддзя. Яе прайшлі ўжо каля 20 дзіцячых садоў, школ і каледжаў Беларусі.
Мерапрыемства завяршылася дыскусіяй пра тое, як зменшыць рызыку ўздзеяння небяспечных рэчываў у школьных установах.

Семінар прайшоў у межах кампаніі «Бяспечныя тавары, бяспечныя гырады», якая рэалізуецца МГА «Экапартнёрства» пры падтрымцы Шведскага інстытута.