У Рызе падвядуць вынікі праекта NonHazCity

29-30 студзеня 2019 года ў Рызе пройдзе выніковая канферэнцыя праекта NonHazCity. У ёй прымалі ўдзел 18 муніцыпалітэтаў са Швецыі, Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Германіі. Па некаторых напрамках праекта праца вялася і ў Беларусі.

На працягу трох гадоў партнёры праекта спрабавалі паменшыць шкодныя выкіды ў Балтыйскае мора ад прыватных хатніх гаспадарак, невялікіх прыватных і муніцыпальных арганізацый. Былі прааналізаваныя забруджванні сцёкавых вод рознымі небяспечнымі рэчывамі і распрацаваны планы па змяншэнню выкідаў.

Гаворка ідзе аб небяспечных хімічных рэчывах, якія ўтрымліваюцца ў нехарчовых таварах – бытавой хіміі, будаўнічых матэрыялах, касметыцы, вопратцы, цацках – і ў выніку трапляюць у навакольнае асяроддзе. Сярод іх алкілфенолы, фталаты, бісфенол А. Ва ўсіх эксперыментальных узорах былі выяўленыя алкілфенолы, бісфенол А, кадмій, перфторалкільныя і паліфторалкільныя хімічныя рэчывы. Яны спрыяюць разбурэнню эндакрыннай сістэмы чалавека і ўплываюць на рэпрадуктыўную функцыю жывёл.
Вялікая ўвага ў праекце была нададзена павышэнню ўзроўню ведаў жыхароў. У краінах-удзельніцах спецыялісты праекта наведвалі сем’і, каб прааналізаваць склад бытавой хіміі, касметыкі, цацак, якімі яны штодня карыстаюцца. Удзельнікі эксперыменту атрымлівалі рэкамендацыі, ад якіх тавараў лепш адмовіцца і чым іх можна замяніць.

У Беларусі з валанцёрамі ў Вілейскім і Іўеўскім раёне працавала МГА «Экапартнёрства». Таксама эксперты правялі тэматычныя трэнінгі для педагогаў, распаўсюджвалі брашуры з парадамі, выступалі ў СМІ і працавалі з жыхарамі праз сацыяльныя сеткі.